Знайсці сябе на памежжы. 22 лютага ў Гістарычнай майстэрні прайшло другое пасяджэнне Клуба вуснага гісторыка

Тэме падзеленасці беларусаў, межам, якія мы ствараем самім сабе і адно аднаму, было прысвечана другое паседжанне «Клуба вуснага гісторыка»: «Свае чужыя і чужыя свае: гісторыя Беларусі як гісторыя памежжа». Сустрэча адбылася 22 лютага ў Гістрарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна.

Як слушна заўважыла мадэратар сустрэчы Ірына Кашталян, сітуацыя «заходнікаў» і «ўсходнікаў», унутранай падзеленасці ў межах адной краіны актуальная не толькі для беларусаў і вартая ўсебаковага даследвання і абмеркавання.

Гістарычнае бачанне акрэсленай праблемы прапанавала архівіст Вольга Іванова.  Як адзначыла гісторык, Беларускі архіў вуснай гісторыі зладзіў тры экспедыцыі, прысвечаныя аб’яднанню Заходняй і Усходняй Беларусі ў 1939 годзе.  Першапачаткова не ставілася мэта даследаваць адрозненні ў жыццёвым ладзе, культуры і ментальнасці жыхароў з абодвух бакоў колішняй мяжы. Але ва ўспамінах людзей, запісаных на Палессі, Міншчыне і Віцебшчыне, гэтая тэма ўзнікала сама сабой, і навукоўцы з цягам часу сталі спецыяльна пытацца, пра «заходнікаў» і «ўсходнікаў».

Філосаф Ігар Бабкоў яшчэ ў 90-х гадах мінулага стагоддзя звярнуў увагу на феномен беларускага памежжа, якому ён прысвяціў эсэ «Этыка памежжа: транскультурнасць як беларускі досвед». З пункту гледжання мысляра раскол Беларусі на Захад і Усход – гэта міфалогія не толькі 1939 года і штодзённасці памежных вёсак. Падзеленасць прысутнічае ў нацыянальнай культуры і насычае яе. «Беларуская мяжа праходзіць пасярэдзіне, прычым не толькі пасярэдзіне тэрыторыі, але і пасярэдзіне мыслення і свядомасці людзей. І пры гэтым яна не толькі падзяляе, але і збірае розныя часткі ў адно праз сам факт падзялення. Беларуская мяжа – стварае беларускую нацыю», – падкрэслівае Ігар Бабкоў.

«Наша свядомасць расколатая паміж мовамі, культурнымі традыцыямі, але ўсё гэта ў межах адной ідэнтычнасці. Беларуская культура, як культура памежжа, мусіць быць і будзе асноўным мейнстрымам у будучыні», – падсумаваў філосаф.

Тэма сустрэчы і выступы прамоўцаў выклікалі жывое абмеркаванне і дыскусію сярод прысутных гасцей.

Наталля Мяшкова

Фотографии: