Выстава “Вайна і любоў” ў Полацку

14 лютага ў сімвалічны дзень Дзень усіх закаханых у краязнаўчым музеі Полацка адчынілася выстава, прысвечаная гэтай тэме, -- “Вайна і любоў”. Яна заснаваная на лістах сям’і Левіных ваеннага часу і апавядае пра перажыванні бацькоў Моні і Ліль, а таксама маленькіх Мацільды і Лёні, пазней вядомага архітэктара.

На адкрыцці ў прывітальнымі словамі выступілі дырэктар музея Ірына Пятроўна Воднева, дачка Леаніда Левіна – Галіна, а таксама дырэктар Гістарычнай майстэрні Ірына Кашталян. Пасля навучэнцы Полацкага педагагічнага каледжу зачыталі ўрыўкі з лістоў з фронту ўраджэнцаў Полацкай зямлі.

Выстава была дапоўненая матэрыяламі з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Да яе дадалі вялікую калекцыю лістоў з вайны, якія захоўваліся ў полацкіх сем’ях. Напрыклад, вядомую перапіску мужа і жонкі Тусналобавых-Марчанка.  Усе гэтыя крыніцы  паказваюць якое ж усеабдымнае і важнае для ўсіх гэтае пачуцце – любоў. Яно аб’ядноўвае розныя народы, пакаленні і часы, яно пакідае веру ў светлую будучыню, у якой скончацца нягоды і ніколі ня будзе вайны.

6 сакавіка ў 14 гадзін у межах суправаджальнай праграмы да выставы наведвальнікі пачуюць лекцыю гісторыка, к.г.н., Кузьмы Козака пра асаблівасці штодзённасці вайны. Запрашаем!

А таксама інфармуем, што выставу можна наведаць да 31 сакавіка па адрасе: г.Полацк, вул. Ніжне-Пакроўская, 11, т. +375 214 46 27 15, 46 25 41.

 

Даведка: Выстава “Вайна і любоў” была падрыхтаваная Гістарычнай майстэрняй да 80-годдзя Леаніда Левіна ў 2016 годзе і з таго часу выстаўляецца ў розных музеях Беларусі. У ёй прадстаўлена гісторыя кахання бацькоў вядомага архітэктара, напісаная імі самімі, калі вайна разлучыла іх назаўсёды. Лісты поўныя лірыкі, пазітыўных пачуццяў, чакання светлай будучыні пасля перамогі…

 

Фотографии: