Выстава аб выратаванні падчас Халакосту

З 25 студзеня ў Гістарычнай майстэрні можна пазнаёміцца з выставай “Па загадзе сэрца - Аспекты выратавання на акупаваных савецкіх тэрыторыях у гады Халакоста”, створанай Міжнароднай школай вывучэння Халакосту Яд-Вашэм (Ізраіль).  Яна ўяўляе сабой серыю панэляў, якія знаёмяць наведвальнікаў з канкрэтнымі гісторыямі выратавання яўрэяў не толькі на тэрыторыі Беларусі, але таксама Літвы, Латвіі, Украіны, Расіі і Польшчы. У адрозненне ад многіх іншых аспектаў гісторыі Халакосту, якія знаходзяць сваё адлюстраванне ў дакументальных крыніцах, вывучэнне праблемы аказання дапамогі яўрэям у гады нямецкай акупацыі ў пераважнай большасці грунтуецца на выкарыстанні ўспамінаў людзей, якія перажылі Халакост.

Прэзентаваныя гісторыі ілюструюць шляхі выратавання яўрэяў і ўмовы, у якіх дзейнічалі ратавальнікі. Але найперш жывыя сведчанні прымушаюць задумацца над матывамі людзей, якія адважваліся дапамагаць яўрэйскаму насельніцтву, над якім навісла пагроза знішчэння ва ўмовах акупацыі. Што схіляла людзей нягледзячы на смяротную рызыку ратаваць яўрэяў? Выстава заахвочвае да аналізу цэлага комплексу складаных рэакцый ратавальнікаў на сукупнасць знешніх абставінаў. 

Гісторыі іх адважных учынкаў звязваюць нас з сённяшнім днём праз тыя каштоўнасці, якія яны транслююць, і перадаюць прыклад грамадзянскай мужнасці, салідарнасці, талерантнасці і імкнення да справядлівасці.

У межах суправаджальнай праграмы Гістарычная майстэрня праводзіць экскурсіі па выставе і дадатковыя адукацыйныя мерапрыемствы для груп па папярэднім запісе па тэлефоне +375 17 380 37 17 ці электроннай пошце info.gwminsk@ibb.by.

Да канца сакавіка адбудзецца 3 публічныя экскурсіі:

12 лютага, 18.00, экскурсія на рускай мове

5 сакавіка, 18.00, экскурсія на беларускай мове

27 сакавіка, 18.00, экскурсія на нямецкай мове

Выстава адкрытая для наведвальнікаў у працоўныя дні з 10 да 16:30 да 31 сакавіка 2019.

Уваход вольны

 

Фотографии: