Вусная гісторыя ў дакументалістыцы

Гэтай тэме было прысвечана чарговае паседжанне Клуба вуснага гісторыка, якое адбылося 30 лістапада ў Гістарычнай майстэрні.

Мадэратар сустрэчы Алесь Лапо прапанаваў прысутным невялікі экскурс ў гісторыю беларускага дакументальнага кіно. У савецкія часы ў беларускай дакументалістыцы, якая працавала на прапаганду і праслаўленне існуючага ўкладу жыцця, не заставалася месца для жывога чалавека. Пэўны прарыў здарыўся толькі ў сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя, калі простыя людзі, сведкі і ўдзельнікі гістарычных падзеяў атрымалі права голасу. Бадай што самай моцнай працай таго часу можна назваць фільм рэжысёра Ігара Калоўскага па сцэнарыіі Алеся Адамовіча “Хатынь, 5 км” (1968 г.). У гэтай стужцы значнае месца займаюць успаміны Іосіфа Камінскага, адзінага выжылага жыхара Хатыні, што робіць гэты мастацкі твор надзвычай моцным і шчырым. На жаль, гэты фільм быў забаронены цэнзурай і да шырокага гледача патрапіў з купюрамі.

Нельга не ўзгадаць і цыклы дакументальных фільмаў “Мы з вогненнай вёскі” і “У вайны не жаночае аблічча”, якія былі знятыя рыжысёрам Віктарам Дашуком у 70-80-х гадах і складаюцца з запісаў успамінаў людзей, якія перажылі вайну.

Жывыя сведчанні ляглі і ў аснову фільма “Дарога на Курапаты” (1990). Рэжысёр стужкі Міхаіл Жданоўскі узгадваў: “Адшукаць кантакт – гэта вельмі важна, закрануць душэўныя струны, чалавечае  – гэта мастацтва. З чалавекам трэба весці размову і адначасова разважаць разам з ім. Інтанацыя зносін мае вялікае значэнне, тут недапушчальны фармальны падыход. Дакументаліст павінен імкнуцца  запісаць думкі, рэакцыю простага чалавека, які ні за што пакутуе з веку ў век.” Аповяд, ўспаміны самаго спадара Міхаіла, у якіх былі і ёміста абмаляваныя партрэты яго знакамітых сучаснікаў, і філасофскае асэнсаванне перажытага, было надзвычай цікава слухаць.

Рэжысёр Ягор Сурскі, аўтар фільмаў “Заходнкі, “Калгаснікі”, “Вернікі”, прадстаўнік маладога пакалення дакументалістаў, лічыць, што “зараз ёсць пэўная мода на вусную гісторыю ў кіно”, і творцы часта выкарыстоўваюць яе метады ў сваёй працы.

Увогуле размова не абмежавалася толькі абмеркаваннем выкарыстання вуснагістрычных даследванняў у дакументалістыцы, дыскусія выйшла на шырокае асэнсаванне стану сучаснай беларускай дакументалістыкі. Прысутныя абмяркоўвалі, як трэба здымаць імклівае сучаснае жыццё, як зрабіць дакументальнае кіно цікавым і даступным шырокаму гледачу і не згубіць у ім простага чалавека.

Фотографии: