У пошуках памяці пра гісторыю Мінскага гета і Малога Трасцянца

Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна разам з Беларускім архівам вуснай гісторыі 16-22 ліпеня правялі ў Мінску вуснагістарычную экспедыцыю, прысвечаную гісторыі Мінскага гета і месца знічтажэння Малы Трасцянец.

Гісторыя Мінскага гета і месца знічтажэння Малы Трасцянец дзесяцігоддзямі  заставалася па-за ўвагай. У апошнім былі забітыя не толькі савецкія ваеннапалонныя, падпольшчыкі і беларускае грамадзянскае насельніцтва, але і дзясяткі тысяч яўрэяў з  Мінску і прылеглых мястэчак, а таксама краін былога Трэцяга рэйха, гарадоў Гамбург, Брэмен, Дзюсельдорф, Кёльн, Бонн, Франкфурт, Кёнігсберг, Вена, Брно… Тэндэнцыя замоўчвання ахвяр Халакосту, прымусовых рабочых, былых ваеннапалонных, якія не ўпісваліся ў канцэпцыю пераможцаў, закранула і гісторыю гэтага месца. Застаецца актуальнай неабходнасць узмацнення высілкаў для захавання памяці пра падзеі Халакоста ў Беларусі, яго ахвяр, у тым ліку з наступным павелічэннем прысутнасці тэмы ў адпаведных навуковых і асветніцкіх выданнях, звязаных з тэматыкай вайны.

Мэтай экспедыцыі быў запіс у форме аўтабіяграфічнага паўадкрытага інтэрв’ю з тэматычным ухілам даступных сведчанняў старажылаў горада Мінску пра правядзенне нацыстамі палітыкі Халакосту для наступнага выкарыстання навукоўцамі і адукатарамі. Нягледзячы на тое, што ўжо прайшло больш за 70 гадоў, атрымалася знайсці яшчэ жывых сведак, якія маглі згадаць падзеі такой даўніны. Група валанцераў, якая складалася з 19 чалавек, сабрала каштоўнейшыя ўспаміны, выкарыстаўшы верагодна апошнюю магчымасць запісу такіх інфарматыўных інтэрв’ю па тэме ў непасрэдных відавочцаў.

Усяго было сабрана 46 успамінаў (больш за 120 гадзін запісу). Рэспандэнты былі 1923-1942 гадоў нараджэння. Пераважная большасць з іх нарадзілася ў 1930-я гады, маюць яўрэйскую нацыянальнасць. Знаходжанне кантакту стала магчымым у значнай меры дзякуючы інфармацыйнай падтрымцы Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Узаемапаразуменне».

Ключавымі сэнсавымі блокамі інтэрв’ю былі інфармацыі пра выжыванне падчас вайны, а таксама захаванне памяці пра гэтыя падзеі пасля 1944 году. Падчас інтэрв’ю маглі ўздымацца дадатковыя тэмы, звязаныя з гісторый гораду.

 

Фотографии: