Трэцяе паседжанне Клуба вуснага гісторыка "Горад, які застаўся горадам, дзякуючы памяці яго жыхароў"

Фенамен гарадской прасторы Гродна, жыхары якога нягледзячы на ўсе гістрарычныя метамарфозы не згубілі сваю гарадскую ідэнтычнасць, абмяркоўвалі ўдзельнікі трэцяга паседжання «Клуба вуснага гісторыка”. Сустрэча на тэму "Гродна – горад, які застаўся горадам" адбылася 31 сакавіка ў Гістарычнай майстэрні.

Аўтары кнігі «Зусім іншы горад. Гродна і гродзенцы ў вусных успамінах» (выданне якраз напярэдані паседжання Клуба толькі выйшла з друку) гісторыкі Андрэй Вашкевіч і Таццяна Касатая-Герасюк прапанавалі сваё бачанне таго, чаму Гродна ў ментальным сэнсе застаўся горадам, не зважаючы на тое што многія традыцыі, якія аб’ядноўвалі гродзенцаў, сёння страчаныя. Цягам дзесяці год навукоўцы збіралі ўспаміны старэйшых жыхароў горада, і прыйшлі да высновы, што гродзенская самабытнасць не знікла ў прасторы і часе дзякуючы захаванню памяці як аб простых штодзённых справах, так і аб значных гістрачных падзеях.

Своеасаблівай разынкай мерапрыемства стала скайп-трансляцыя выступу і дыялог з Андрэем Вашкевічам, які не здолеў прыехаць з Гродна ў Мінск. Варта адзначыць і тое, што менавіта сябры Клуба вуснага гісторыка атрымалі магчымасць першымі пагартаць старонкі кнігі “Зусім іншы горад”.

Таксама напрыканцы паседжання прысутныя паспрабавалі адшукаць адказы на пытанні, прапанаваныя мадэратарам сустрэчы гісторыкам Ірынай Кашталян: ці можна вусную гісторыю ўспрымаць як  сродак фарміравання лакальнай супольнасці; ці магчыма вызначыць «чый горад?» па-за межамі нацыянальнага наратыву; ці становіцца новая тэрыторыя, якая ўключаецца ў рысу горада, самім горадам ва ўспрыняцці яго жыхароў?