Такая розная культура памяці…

13 красавіка адбылася чарговая, ужо сёмая сустрэча для гідаў перакладчыкаў на базе Гістарычнай майстэрні. Нягледзячы на тое, што гэта была субота, дзень быў цалкам насычаны заняткамі. Зраніцы да нас завітала пасол Аўстрыі Алаізія Вётгетэр, якая пазнаеміла нас не толькі з гісторыяй стварэння “Масіва імён”, новага помніка ў памяць пра аўстрыйскіх ахвяр Трасцянца, а таксама пра асаблівасці гісторыі Аўстрыі падчас Другой сусветнай вайны і яе культуры памяці. Гэтая тэма выклікала вялікую дыскусію сярод нашых слухачоў.

Святлана Машчанка працягнула заняткі па методыцы правядзення экскурсіі, зрабіла акцэнт на расповядзе і яго ролі падчас правядзення экскурсіі. Таксама ўдзельнікам курсаў пашанцавала пабываць у абшчыне прагрэсіўнага іўдаізма на вул. Шорнай, дзе нас шчыра прывітаў равін Рыгор Абрамовіч. Ен распавеў гісторыю стварэння сінагогі, асаблівасці дзейнасці абшчыны і прадэманстраваў як чытаецца Тора.

Завяршылі насычаны дзень лекцыя і экскурсія па тапаграфіі Мінскага гета ад вядомага знаўцы горада, гісторыка Івана Сацукевіча. Пасля тэарэтычнай працы з картамі мы на практыцы прайшлі межы Мінскага гета, каб лепш уявіць як яно выглядала. Такім чынам гэты семінар яшчэ болей паглыбіў нас у тэму. Наперадзе яшчэ шмат семінараў і новай інфармацыі, якую слухачы чакаюць з нецярпеннем.

 

Фотографии: