Спатканне ў Красным

Разам з вучнямі і настаўнікамі Красненскай школы Маладзечанскага раёна (дырэктар Клаўдзія Манькоўская) адбылося творчае спатканне «Краснае - месца гістарычнай памяці». Гэта працяг значнага Міжнароднага форума (29.04.2018). На гэты раз прыехалі госці з Мінску з групай адукацыйнага праекта «Дыялог трох пакаленняў» з былымі вязнямі нацызма, у тым ліку з Вілейкі (кіраўнік Якаў Дрэер) а таксама студэнтамі і выкладчыкамі гістарычнага факультэта БДУ. 

Напачатку мерапрыемства Ала Шыдлоўская, як арганізатар, гасцінна правяла ўсіх па памятных месцах вёскі. Затым навучэнцы школы прадставілі сваю праграму пра ваеннае мінулае з даследчым характарам у актавай зале. 

З прывітальным словам выступаў галоўны равін абшчын прагрэсіўнага іўдаізму Рыгор Абрамовіч - шчыры сябра Гістарычнай майстэрні і Краснага, які згадаў пра значнасць духоўнага супрацоўніцтва пакаленняў. А вось Сяргей Ермакоў сваё мінулае бачыць праз шталаг 342 (Маладзечна), а Праскоўя Марчанкава - праз лагер у Азарычах, дзе ў холадзе і голадзе навечна засталіся яе сястра, брат і маці. Пра малавядомыя фінскія канцлагеры, новае аўтабіяграфічнае выданне з перажытага там яе і брата Мікалая, расказала Галіна Змушко. Вартасць сямейных гісторый для моладзі бачыць былая вязень нацызму Ірына Іванюк. 

З ліку гісторыкаў прысутнічалі і выступалі выкладчыкі і настаўнікі Юрый Блашкоў, Арсеній Абраменка, Барыс Муха, а таксама студэнты Вадзім Навіцкі, Максім Дуброў, Міхась Мальцаў. Усе яны прадставілі свае невялікія праэкты. Міхась Мальцаў паспеў нават правесці віртуальную экскурсію па былой тэрыторыі Мінскага гета.

Цудоўная праца моладзі. Мне як вядучаму і іх выкладчыку было вельмі прыемна. Па меркаванні кіраўніка праэкта Тамары Курдадзе паездка ў Краснае - добрая выніковая праца ўсіх удзельнікаў «Дыялога трох пакаленняў». 

Па завяршэнні мерапрыемства прагучала запрашэнні наведаць Вілейку напярэдадні Міжнароднага дня вызвалення вязняў канцлагераў (10.04). Мы зноў у чаканні сяброўскай сустрэчы.

Кузьма Козак

 

Фотографии: