Прэзентацыя дыдактычнага дапаможніка "Мінскае гета" у Эрфурце

16 мая ў месцы памяці “Топф і сыны” (Эрфурт, Германія) адбылося мерапрыемства пад назвай “Як мы памятаем? – Культура памяці ў Беларусі і Германіі”, прысвечанае прэзентацыі нядаўна створаных дыдактычных матэрыялаў “Мінскае гета”, якія сталі вынікам сумеснага праекта Гістарычнай майстэрні разам з Беларускім архівам вуснай гісторыі, грамадскім аб’яднаннем з Эрфурту “Культура ідзе ў Еўропу”. Асновай каманды праекту сталі дыдактыкі і настаўнікі з Беларусі і Германіі.

Каб прэзентаваць прадукт у Германіі туды спецыяльна прыехалі кіраўнік Майстэрні Ірына Кашталян і настаўнікі гісторыі Таццяна Гайдук і Дар’я Касякова. Морыц Боршард мадэраваў мерапрыемства, якое складалася з дзвюх лагічна звязаных частак і было скіравана на абуджэнне інтарэсу ў мясцовай супольнасці да наладжвання мастоў паміж культурамі памяці двух краін.

У першай частцы адбылася агульная дыскусія па праблемах памяці аб вайне ў Германіі і Беларусі. З нямецкага боку выклікі перад нямецкай палітыкай памяці прадставіў кіраўнік таварыства месца памяці “Топф і сыны” Рудыгер Бендэр.

У другой частцы выступоўцы сканцэнтраваліся на адукацыйным аспекце трансферу культуры памяці маладому пакаленню. Прэзентацыю стваральнікамі дапаможніка па гісторыі Мінскага гета з канкрэтнымі прыкладамі, дапоўніла прадстаўленне адукацыйнай дзейнасці месца памяці “Топф і сыны” ад яго спецыяліста Рэбеккі Шуберт. Вынікі дыскусіі падсумавала Беатрыс Петцольд, якая мае шматгадовы вопыт працы з культурай памяці ў абедзьвюх краінах, у тым ліку тры гады была каардынатарам адукацыйных праграм у Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры ім. Ёханэса Рау.

Дыдактычны дапаможнік “Мінскае гета” складаецца з 16 картак, кожная з якіх прысвечана канкрэтнаму пытанню, але пры гэтым яны ўзаемна дапаўняюць адна адну: «Мінскія яўрэі: жыццё да вайны», «Стварэнне гета», «"Жыццё" у гета», «Дэпартацыя: дарога ў адзін канец», «Трасцянец - месца масавага знішчэння» і г.д. У картках знаходзяцца ўрыўкі гістарычных дакументаў, цытаты з успамінаў сведак і іншыя крыніцы, да якіх распрацаваны заданні і пытанні па тэме. Настаўнік можа выкарыстоўваць іх па асобку, у патрэбнай яму паслядоўнасці, на розных тыпах урокаў.

У асобнай брашуры сабраны інфармацыйны блок для настаўніка: гістарычны кантэкст, слоўнік тэрмінаў і паняццяў, спіс выкарыстаных крыніц і рэкамендаванай літаратуры. На дыску размешчаны лічбавыя копіі картак, а таксама дадатковыя матэрыялы.

Выданне стала магчымым пры падтрымцы Міжнароднага саюза памяці ахвяр Халакоста.

 

Фотографии: