Перажыць Халакост: дзіцячы дом як выратаванне

2 сакавіка у памятны дзень трагедыі Мінскага гета пасля мітынга на "Яме" у Гістарычнай майстэрні сабралася ў большай частцы моладзь і былыя яўрэйскія выхаванцы дзіцячых дамоў, якія масава ў цяжкіх умовах акупацыі былі выратаваны кіраўнікамі і выхавацелямі дзіцячых дамоў № 1 (3), 7, 8, 12.

Пры ладнай мадэрацыі з боку кіраўніка Гістарычнай майстэрні Ірыны Кашталян, якой і належыла менавіта гэта ідэя, спачатку Кузьма Козак прэзентаваў гісторыю дзіцячых дамоў г. Мінска ва ўмовах нацысцкай акупацыі. Пасля Генадзь Караткевіч - супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны зрабіў глыбокую акцэнтацыю на гісторыю выратавання яўрэйскіх дзяцей прасвітэрам Антонам Кецка. Прысутныя дочкі - Галіна і Валянціна дапоўнілі дэталямі апісанне гэтай мужнай дзейнасці. Свае перажыванні выказалі і былыя выхаванцы, якія перажылі Халакост, - Марыя Жукава, Яўген Лямперт, Лідзія Пятрова, Ала Ракаўшчык, Ірына Руклецова.

Радуе, што ўдзельнікамі дыялогу сталі навучэнцы Мінскага медычнага колледжа, Мінскай гімназіі № 34 і Трасцянецкай сярэдняй школы. У намерах арганізатараў - працягваць гэтую тэму, праводзіць новыя памятныя  і адукацыйныя мерапрыемствы, выкарыстоўваючы напрацоўкі з боку Уладзіміра Паўлава (кн. "Дзеці ліхалецця" (Мінск, 2005) і Веранікі Бездзель (кн. "Дзеці на акупаванай тэрыторыі Беларусі (1941 1944)" (Віцебск, 2013), а таксама ўспаміны сведкаў - Марыі Жукавай і Зінаіды Нікадзімавай "Война причиняет мне боль" (Минск, 2010, 2012) і "Архив Хаси Пруслиной: Минское гетто, антифашистское подполье, репатриация детей из Германии (Минск, 2010, 2014). Сачыце за нашымі навінамі.

Фотографии: