Памяць пра Трасцянец візуальная і лінгвістычная

23 красавіка прайшоў ужо восьмы семінар для гідаў-перакладчыкаў па тэме Мінскага гета і Трасцянца на базе Гістарычнай майстэрні. Першы занятак яго быў прысвечаны абмеркаванню партфэля экскурсавода па тэматыцы Трасцянца. Гісторык Аляксандр Далгоўскі пракаментаваў адабраныя слухачамі фотаздымкі, якія ў будучыні варта выкарыстоўваць падчас правядзення экскурсій.

Вядомая архітэктарка Галіна Левіна праз сваю лекцыю паказала трансфармацыю культуры памяці аб Другой сусветнай вайне ў Беларусі на прыкладзе Мінскага гета і Трасцянца і іх мемарыялізацыі. Асаблівы акцэнт у выступе яна зрабіла на тлумачэнні сэнсаў, закладзеных Леанідам Левіным і яго камандай у створаных імі мемарыялах.

Апошні занятак правёў прафесар Сяргей Новікаў. Яго лекцыя была прысвечана асаблівасцям трактоўкі тэрмінаў і паняццяў тэматыкі. Параўноўваючы лексіку дакументаў і навуковых выданняў, ён падказаў удзельнікам, якія зараз існуюць тэрміналагічныя тэндэнцыі ў навуцы розных краін, чаго варта пазбягаць і што наадварот з’яўляецца найбольш сучасным.

Ужо 11 мая будзе наступная сустрэча гідаў, падчас якой будзе размова са сведкам падзей Мінскага гета, а таксама ўводзіны ў пасляваеннае жыццё яўрэяў.

 

Фотографии: