Леанід Левін - творчасць і культура памяці

У межах праекта “Дыялог трох пакаленняў”  дзень 20 лістапада быў выбраны для спаткання з Галінай  - дачкой знакамітага архітэктара і грамадскага дзеяча Леаніда Левіна з нагоды значных падзей для культуры памяці Халакосту і Гістарычнай майстэрні. 77 гадоў назад у Мінскім гета нацысты арганізавалі першыя дзве акцыі знішчэння. Для ліквідацыі з Германіі, Аўстрыі і Чэхіі ў Мінскае зондэргета прыбылі эшэлоны з дэпартаванымі яўрэямі.

Падчас мерапрыемства ўдзельнікі сустрэчы імкнуліся з розных сучасных бачанняў вызначыць галоўныя падзеі мінулага. Галіна Левіна вылучыла з сямейнай гісторыі творчую архітэктурную дзейнасць бацькі і распавяла, як фарміраваліся знакамітыя беларускія вобразы трагедый «Хатынь», «Яма», «Тучынка», «Гарадзея», «Чырвоны Бераг», «Трасцянец - Благаўшчына» і змагання - «Прарыў», «Кацюша», «Універсітэт», «Маці».

Тэма Халакоста працягвалася ў развагах старшыні Беларускага грамадскага аб’яднання былых вязняў гета і антыфашысцкага супраціўлення Яўгена Андрэйчыка, Праведніцы народаў свету Раісы Сямашка, выкладчыка гісторыі Мінскага дзяржаўнага медычнага коледжа Генадзя Кандыбора.
Гучалі таксама вершы Леаніда Левіна, пераказ з твораў аб Хатыні і лагеры смерці Асвенцым, а таксама лісты бацькі з фронту «Война и любовь». Праз іх бачанне сумеснымі намаганнямі былі падрыхтаваны мастацкія выставы, кінастужка, праведзена шмат спатканняў. Пра гэта дзяліліся думкамі з навучэнцамі Данута Чупік з гімназіі № 19 г. Мінска, Ларыса Аляксандранка, кіраўнік Мінскага гарадскога аб’яднання маладарослых вязняў фашызму, Яўген Хролаў - былы вязень Маўтхаўзена. Цікавымі падрабязнасцямі падзяліўся мастак Уладзімір Вальноў (Віцебск).

Напрыканцы ўдзельнікі мерапрыемства выказалі галоўныя ідэі сустрэчы: 25 ліпеня - у дзень нараджэння Леаніда Левіна, архітэктурная майстэрня Левіна будзе адкрыта для наведвальнікаў; распачаць фарміраванне архіва знакамітага архітэктара; з сабраных матэрыялаў падрыхтаваць кнігу пра Леаніда Левіна; навучэнцы Мінскага гарадскога коледжа будаўнікоў (кіраўнік адукацыйных праграм Ганна Салаўёва) атрымаюць кніжны фонд з Гістарычнай майстэрні для знаёмства з творчасцю архітэктара і грамадскага дзеяча. 

Цёплая і эмацыянальная сустрэча распачалася падарункам Раісы Сямашка, якая звязала і перадала Ірыне Кашталян шкарпэткі для халоднай зімы, скончылася шчырымі ўспамінамі і абавязкам працягнення планаў, намераў нашага настаўніка і сябра Леаніда Левіна.

Наступнае спатканне ў межах “Дыялога трох пакаленняў” адбудзецца 14 снежня.

 

Фотографии: