Курсы для гідаў-перакладчыкаў

19 студзеня ў Гістарычнай майстэрні ўпершыню пачаліся курсы для гідаў-перакладчыкаў. Пасля знаемства з планам заняткаў іх  слухачы праслухалі уступныя лекцыі па гісторыі Мінскага гета і Трасцянца ад вядучых спецыялістаў, гісторыкаў  Кузьмы Козака і Сяргея Новікава. Было шмат дыскусій і пытанняў, бо тэмы дасюль маюць шмат спрэчных момантаў і неадназначных трактовак. Далей навучэнцы будуць знаёміцца і з іншымі канцэпцыямі гісторыкаў, што дасць ім магчымасць вывучыць шматграннасць гэтай трагічнай старонкі гісторыі, спецыфіку разгляду ў кантэксце еўрапейскай культуры памяці. Ужо праз два тыдні ўдзельнікі збяруцца зноў на наступны семінар, прысвечаны методыцы правядзення экскурсій і гісторыі даваеннага жыцця яўрэяў.

Асноўная мэта курсаў падрыхтаваць гідаў-перакладчыкаў па тэматыцы Мінскага гета і Трасцянца для працы з групамі як з Беларусі, так і з-за яе межаў. Для гэтага плануецца правядзенне 16 семінараў на працягу 8 месяцаў з рознымі тэматычнымі лекцыямі і практыкумамі ад выбітных спецыялістаў па гісторыі і экскурсазнаўству. Тыя, хто паспяхова справяцца з патрабаваннямі да ўдзельнікаў, атрымаюць сертыфікат ад Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Рау. Пасля іх чакае праходжанне атэстацыі Нацыянальнага агенцтва па турызме, наяўнасць якой дазволіць надалей супрацоўнічаць з Майстэрняй па працы з групамі.

Да наведвання курсаў назіралася вялікая цікавасць, паступіла 47 заявак. Па выніках конкурсу былі адабраныя 15 чалавек, якія выдатна валодаюць нямецкай ці/і англійскай мовамі. Сярод удзельнікаў  і прафесійныя гіды-перакладчыкі, і навічкі, якія толькі плануюць прайсці атэстацыю ў Нацыянальным агенстве па турызме. Каманда Майстэрні спадзяецца ў канцы года ўсім ім уручыць сертыфікаты пра паспяховае праходжанне курсаў.

У добры шлях…

 

Фотографии: