Круглы стол па методыках выкладання гісторыі Другой сусветнай вайны

22 лютага ў Гістарычнай майстэрні прайшоў круглы стол “Сучасныя метадычныя падыходы да вывучэння Другой сусветнай вайны”. У ім прынялі ўдзел настаўнікі гісторыі, выкладчыкі ВНУ, прадстаўнікі Нацыянальнага інстытуту адукацыі. Асноўнымі мэтамі мерапрымства былі абмен вопытам мультыплікатараў, якія працуюць з тэмай, а таксама абмеркаванне перспектыў стварэння новых дыдактычных матэрыялаў.

У першай частцы выступілі ахвотныя адукатары з прадстаўленнем прыкладаў паспяховых педагагічных практык па тэме, у тым ліку пра выклікі, якія стаяць перад усімі, хто выкладае гісторыю Другой сусветнай вайны. Дырэктар Гістарычнай майстэрні Ірына Кашталян, PhD, прадставіла адукацыйную дзейнасць установы, магчымасці, якія маюцца для моладзі і саміх мультыплікатараў, асабліва спыніўшыся на важнасці выкарыстання дыдактычнага дапаможніка “Мінскае гета”.

Выкладчык МДЛУ, кандыдат гістарычных навук Сяргей Новікаў распавёў пра традыцыйныя і новыя формы спасціжэння вайны студэнцкай моладдзю. Ён пазначыў у якасці выкліка складанасць зацікаўлення сучаснай моладзі гісторыяй і адпаведна важнасць новых падыходаў у выкладанні. Таксама адзначыў неабходнасць выкарыстання нямецкамоўных арыгіналаў дакументаў для аб’ектыўнага прадстаўлення тэмы.

Пасля выступіла з двума паведамленнямі настаўніца гісторыі з Белавежскай сярэдняй школы Людміла Гурыновіч. Спачатку яна распавяла пра паспяховы досвед выкладання тэмы праз выкарыстанне вуснай гісторыі, а ў другім дакладзе прэзентавала вывучаны ёй польскі вопыт выкладання тэмы Халакосту і прапановы яго выкарыстання.

Рэферэнт Гістарычнай майстэрні Аляксандр Далгоўскі, PhD, прадставіў праект “Транснацыянальная культура памяці пра прымусовую працу ў перыяд нацыянал-сацыялізму і міграцыі”. Асаблівасцю апошняга з’яўляецца ўнікальная скіраванасць на вывучэнне лёсаў былых беларускіх остарбайтэраў, якія не вярнуліся пасля вайны дамоў, а эмігравалі далей на захад. Вывучэнне гэтых біяграфій і ўключэнне іх у адукацыйныя практыкі дапаможа аб’ектыўнаму разгляду гісторыі прымусовых працаў падчас вайны.

У другой частцы круглага стала адбылася вялікая дыскусія пра будучыя дыдактычныя матэрыялы, прысвечаныя забытым катэгорыям ахвяр вайны, якія будуць рыхтавацца ў бліжэйшы год у Гістарычнай майстэрні. Для таго, каб зрабіць запатрабаваны, якасны прадукт з добрым інструментарыем для настаўніка падчас мерапрыемства абмяркоўвалася шырокае кола пытанняў, сярод якіх былі:

  • Якая форма будучых матэрыялаў была б найлепшай і больш сучаснай?
  • Што павінна быць у складзе новага дапаможніка?
  • Як прадставіць агулам сітуацыю па Беларусі, дзе акупацыйная палітыка нацыстаў істотна адрознівалася ў залежнасці ад рэгіёна?
  • Якія катэгорыі ахвяр вайны важна ахапіць? Якая павінна быць іх сістэматызацыя?
  • Якія крыніцы варта выкарыстоўваць?
  • Якія прыклады былі б рэпрэзентатыўнымі?

Меркаванні падзяліліся, пры гэтым кожная ідэя была вартая асэнсавання і рэфлексіі. Напрыклад, пытанне як зрабіць такія матэрыялы, якія маглі б выкарыстоўвацца і падчас урокаў па грамадзнаўстве, як уключыць у іх аспект зменаў у стаўленні да правоў чалавека пасля злачынстваў, здзейсненых нацыстамі падчас ІІ сусветнай вайны. Бо ў выніку паўстала Дэкларацыя правоў чалавека, якая зацвердзіла як самую вялікую каштоўнасць – чалавечае жыццё.

Настаўнікамі было адзначана, што праз акцэнт на вызначэнне школьнікамі іх ідэнтычнасці можна прывесці іх да высновы, што ахвярай дыскрымінацыі ў гэтай вайне мог быць кожны. І праз аналіз прычын, прызнакаў парушэнняў, сігналаў праблем паказаць, што ў будучыні магчыма засцерагчы грамадства, каб такія жахлівыя падзеі ніколі болей не паўтарыліся. У тым ліку важным крокам на гэтым шляху з’яўляецца стаўленне да былых ахвяр, з улікам як яно трасфармавала сучаснае грамадства. І тут трэба таксама ўлічваць, што істотны дыдактычны эфект маюць і дыскусіі з моладдзю вакол г.зв. канфліктаў памяці.

Удзельнікамі круглага стала звярталася ўвага на магчымы падзел ахвяр нацызму на макракатэгорыі прамых і ўскосных. Некаторыя прысутныя пазначалі, што ахвяр можна дзяліць і па прынцыпе ўжыванага да іх гвалту. Праблемай паўстае іх прадстаўленне для аб’яднання беларускага грамадства ў культуры памяці пра вайну. У тым ліку дылемай з’яўляецца тое, што калі выкарыстоўваецца падзел на катэгорыі, то адбываецца адыход ад самаідэнтычнасці чалавека, які часта прыналежаў да шэрагу катэгорыяў. Каб пераадолець яе трэба прадумаць магчыма іншы аб’ядноўваючы падыход, але абавязкова з упорам на біяграфічныя партрэты канкрэтных людзей, прадстаўленыя з выкарыстаннем вуснай гісторыі.

Вынікі ажыўленай дыскусіі будуць улічаныя камандай распрацоўшчыкаў матэрыялаў. Была дасягнута дамоўленасць, што для прамежкавай апрабацыі напрацовак аўтары звернуцца да грамадскасці з мэтай працягу абмеркавання ўвосень.

Завяршальным акордам мерапрыемства стала экскурсія для жадаючых па ўнікальнай выставе Міжнароднай школы вывучэння Халакосту Яд-Вашэм (Ізраіль) “Па загадзе сэрца. Аспекты выратавання на акупаваных савецкіх тэрыторыях у гады Халакосту”, якая знаходзіцца ў Гістарычнай майстэрні да канца сакавіка.

 

Фотографии: