Клуб вуснага гісторыка: прэзентацыя зборніка канферэнцыі

13 снежня на паседжанні Клуба вуснага гісторыка адбылася прэзентацыя зборніка міжнароднай навуковай канферэнцыі па гісторыі масавых рэпрэсій у СССР у даследаваннях і калектыўнай памяці. Яна адбылася ў лістападзе 2017 году і стала ўсяго толькі другой па гэтай тэматыцы (папярэдняя прайшла ў Беларусі 20 год таму – у 1997-м). Многія дакладчыкі выкарыстоўвалі тады вуснагістарычныя крыніцы для падрыхтоўкі сваіх паведамленняў.

Кніга з’явілася ў свет у выдавецтве Зміцера Коласа, у яе ўвайшлі матэрыялы даследчыкаў з Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы. У кнізе 35 артыкулаў, большасць з іх — 17 — напісаныя па ўкраінскай тэматыцы, на другім месцы беларуская (16 тэкстаў). Прысутнічаюць артыкулы на розныя тэмы: гісторыя канкрэтных рэгіёнаў, людей, вернікаў, прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў.

Каб падвесці аўдыторыю да дыскусіі пра захаванне тэмы ў калектыўнай і культурнай памяці ў Беларусі з дакладам выступіў сацыёлаг, гісторык, адзін з аўтараў зборніка Аляксей Ластоўскі. Ён адзначыў у якасці асноўных спрэчных момантаў у даследаваннях тэмы савецкіх рэпрэсій ў Беларусі: гонку за вялікімі лічбамі ахвяр, раздзяленне катаў і ахвяр, вызначэнне прыналежнасці віны за злачынствы, прывязку ахвяр да нацыянальнай прыкметы, увагу толькі да ахвяр-“вялікіх людзей”.

Пасля гэтага выступу да прэзідыюма паседжання далучыліся і іншыя аўтары зборніка: Ігар Кузняцоў і Ігар Мельнікаў. Апошні выказаў меркаванне, што тэма рэпрэсій павінна быць дэпалітызавана. Гэта важна, каб кожны жыхар Беларусі разумеў, што гэта вялікая трагедыя, якую трэба вывучаць і памятаць. Далейшая дыскусія была вельмі актыўнай. Як аўтары, так і прысутныя задавалі шмат пытанняў і выказваліся аб складанасцях даследавання падобнай тэматыкі.

Наступнае паседжанне Клуба вуснага гісторыка адбудзецца ў другой палове лютага і на ім таксам адбудзецца прэзентацыя. На гэты раз дакументальнага фільма пра Мінскае гета, які здымаўся падчас вуснагістарычнай экспедыцыі, якая прайшла ў жніўні ў Гістарычнай майстэрні. Сачыце за навінамі!

 

 

 

 

Фотографии: