Каляды ў Клубе вуснага гісторыка

20 снежня Клуб вуснага гісторыка правеў апошняе сваё паседжанне ў гэтым годзе. Яно было прысвечана Калядам. Вусныя гісторыкі, як і этнографы, даследуючы схаваныя рэлігійныя практыкі са штодзённасці беларусаў, сутыкаюцца з пластам інфармацыі пра святкаванне Каляд. Пра гэтую тэму і гаварыла вядомы гісторык, антраполаг Ірына Махоўская.

Яе аповед грунтаваўся на ўспамінах сведак часу і даступных пісьмовых крыніцах. Даследчыца расказала пра гістарычны шлях свята за апошнія больш чым сто гадоў. Асноўная частка выступу была прысвечана абрадам, якія склаліся ў вясковай супольнасці і захоўваліся аж да пасляваеннага часу, калі ўрбанізацыя паспрыяла пераезду вялікай колькасці моладзі ў горад і фактычна перарвала трансфер традыцый, якія захоўваліся больш за тысячу год.

Тым ня менш навукоўцы паспелі зафіксаваць усе этапы святкавання ў традыцыйнай манеры, якія ролі былі ў розных падгруп супольнасці: моладзі, сямейных, іншых. Якія песні спяваліся, як выглядалі калядныя маскі, як праз гэта арганізоўвала вясковую абшчыну.

З прыходам саветаў была спроба адаптаваць каляды да патрэб савецкай ідэалогіі, але гэта не прыжылося. Пры гэтым цікава, што архаічныя формы святкавання Калядаў больш захоўваліся ў мясцовасцях, дзе дамінавала праваслаўнае насельніцтва.

Наступны раз зацікаўленыя ў працы Клуба вуснага гісторыка могуць завітаць на Майстэрню 24 студзеня, як заўсёды ў 18:30, і паразмаўляць пра праблемы адукацыі па тэме Халакосту. 

Фотографии: