Экспедыцыя “Забытыя ахвяры ІІ Сусветнай вайны ў Беларусі”

З 8 па 12 ліпеня 2019 года Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна сумесна з Беларускім архівам вуснай гісторыі (БАВГ) правялі ў Мінску штогадовую міжнародную школу-экспедыцыю па вуснай гісторыі, прысвечаную даследаванню тэмы Другой Сусветнай вайны ў Беларусі і захаванню памяці пра яе. Асноўнай мэтай гэтага даследавання стала вывучэнне стратэгій выжывання беларускага насельніцтва падчас вайны, злачынстваў супраць чалавечнасці і забытых катэгорый ахвяр вайны.

Удзельнікі школы-экспедыцыі, гісторыкі і аматары гісторыі, паглыблена пазнаеміліся з методыкай збору вуснагістарычных матэрыялаў, аналізу крыніц. Атрымалі вялізную практыку працы з асобамі, траўмаванымі вайной. Выбарка сведак часу для запісу іх інтэрв’ю прадугледжвала работу з рознымі катэгорыямі ахвяр вайны, якія зараз пражываюць у сталіцы Беларусі і якія сталі відавочцамі трагічных падзей акупацыі. Сярод рэспандэнтаў былі былыя вязні гета і канцлагероў (Азарычы, Маутхаузен, Лінц і інш.), ваеннапалонныя і др.

Адна са шматлікіх сумных жыццёвых гісторый, пачутых у экспедыцыі, ад рэспандэнткі Кацярыны Віктараўны Ліпніцкай, 1937 г.н., якая мае трагічны досвед вайны: яе разам з бацькам і старэйшай сястрой Стасяй у 1943 годзе затрымалі немцы. Пасля з некалькімі жыхарамі вескі Антонава Ушацкага раёна Віцебскай вобласці прывезлі спачатку ў Лепель, адтуль у Віцебск, а канчатковым пунктам прызначэння стаў Асвенцым (Аушвіц). Немцы пакаралі сям’ю за сувязі з партызанамі і, яшчэ у Лепельскім лагеры Кацярыну катавалі, спрабуючы націснуць на яе бацьку, каб той прызнаўся і выдаў неабходныя нацыстам дадзеныя.

Са слоў рэспандэнткі, яны да апошняга верылі, што іх выратуюць партызаны. Але патрапіўшы ў Віцебск, сумна вядомы канцлагер Пяты полк (больш http://www.evitebsk.com/wiki/5-%D0%B9_%D0%BF%D0%BE%D0%BB%D0%BA_(%D0%BA%D0%BE%D0%BD%D1%86%D0%BB%D0%B0%D0%B3%D0%B5%D1%80%D1%8C), канчаткова страцілі надзею. А ў Асвенціме смерць ужо ўспрымалася імі як шчасце.  

З сям’і з траіх чалавек жывой засталася толькі Кацярына, бо яе накіравалі ў іншы лагер у Патуліцах (больш https://guo8vitebsk.wixsite.com/childvar/----c189v). У гэтым лагеры дзеці працавалі па 12 гадзін. Кацярыне запомніўся выпадак у адзін з дзён там. Кармілі мала: шклянка вады і луста хлеба. Дзяцей ставілі па два чалавекі і кожны павінен быў браць порцыю са свайго боку. Аднойчы нейкаму хлопчыку падалося, што суседні кавалак хлеба большы і ен ўзяў яго. Канвой у выхаваўчых мэтах расстраляў яго перад усімі.

Шлях праз канцлагеры, іх штодзённасць, смерць блізкіх навечна пакінулі траўму ў душы жанчыны. Паласатая вопратка вязня Аушвіца застаецца адным з самых жахлівых успамінаў, а нумар на руцэ застаўся назаўсёды. Нават нарадзіўшы сваіх дзяцей пасля вайны, Кацярына не пазбавілася перажыванняў, ёй станавілася кепска, калі бачыла паласатае адзенне…

Самым вядомым рэспандэнтам, запісаным падчас экспедыцыі, стаў Арон Бельскі. Гісторыя легендарных братоў Бельскіх стала асновай галівудскага блакбастэра “Выклік”(2008).

Усяго было сабрана 26 успамінаў сведак ад 1925 г.н., якія пражывалі ў час вайны ў розных частках Беларусі і прайшлі ўнікальны шлях выжывання, часам нават праз лагеры смерці.

Ужо хутка сабраны матэрыял будзе размешчаны ў архіве сведак Гістарычнай майстэрні і на партале БАВГ, а таксама выкарыстаны для падрыхтоўкі дыдактычных матэрыялаў для беларускіх школьнікаў па забытых катэгорыях ахвяр вайны. 

Ганна Шарэнда, Радыё Рацыя

 

Фотографии: