Да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту

Чарговае спатканне ў межах праекту «Памятаць дзеля будучыні. Дыялог трох пакаленняў» адбылося пад знакам Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту. У Гістарычнай майстэрні сабраліся былыя вязні Мінскага гета, канцлагераў і моладзь. Разам з вядучым Кузьмой Казаком распачаўся дыялог пра трагічныя месцы ваенных падзей менавіта на тэрыторыі Беларусі. Кіраўнік Мінскага гарадскога яўрэйскага дабрачыннага аб’яднання «Гілф» Фрыда Рэйзман, як былы вязень Мінскага гета, выказала свой балючы аповяд пра амаль 100 тысяч забітых яўрэяў. Аляксандра Барысава, былы вязень лагераў смерці Майданек і Аўшвіц-Біркінаў, расказала пра дэпартаваных беларусаў у Аўшвіц-Біркінау, пра сям’ю і радню. Менавіта тут былі ўзгаданы шырока вядомы на Беларусі шталаг 352 (Масюкоўшчына), канцлагеры Дахау, Маутхаузен ды іншыя. Прадстаўленная сямейная гісторыя Яўгенам Хролам - дадатковы прыклад яго гаротнага шляху з партызанскай зоны на аўстрыйскую тэрыторыю.  
Удзельнікі сустрэчы спачувалі балючай дзіцячай трагедыі былога вязні Мінскага гета Уладзіміра Трахтэнберга. Падобным чынам гінулі і выжывалі маленькія дзеці канцлагера Азарычы, дзіцячых лагераў Чырвонага Берага і Скобраўкі. 
У прысутнасці Пасла Аўстрыйскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь спадарыні Алаізіі Вёргеттер размова пра Трасцянец, мемарыялізацыю месц трагічнай памяці дэпартаванных яўрэяў з Вены на беларускую зямлю набыла характар сумеснага абмеркавання. 
У размове з моладзю Галіна Змушко звярнула ўвагу ад прысутных кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў малалетніх вязняў фашызму г. Мінска на практычную выхаваўчую і адукацыйную вартасць падобных мерапрыемстваў. Свае пачуцці выказалі разам з настаўніцай гісторыі Дашай Касяковай і навучэнцы гімназіі № 34 г. Мінска. Суседзі Гістарычнай майстэрні - навучэнцы будаўнічага коледжа, парадавалі сваімі ідэямі аб паглыбленні ведаў пра Халакост.

Праца працягваецца. Мы ў чаканні  20 лютага - наступнага спаткання ў Гістарычнай майстэрні праз «Дыялог трох пакаленняў».

 

 

Фотографии: