“Вайна як неперажытая траўма”: 24 мая адбылося пятае, апошняе ў сезоне, паседжанне Клуба вуснага гісторыка

“Дзень Перамогі шырока адзначаецца ў Беларусі, тэма Другой сусветнай вайны - адна з ключавых у гістарычным дыскурсе. Аднак у яе ўспрыняцці для грамадства нярэдка “выпадаюць” тэмы Халакосту, лёсаў ваеннапалонных і остарбайтэраў. Дагэтуль не пераасэнсаваны траўматычны досвед апошняй сусветнай вайны, праблемы пераходу ад вайны да міру”, - адзначыў напачатку мерапрыемства мадэратар сустрэчы, гісторык Андрэй Мастыка.

Менавіта на гэты аспект разгляду трагедыі вайны зрабілі акцэнт выступоўцы. Гісторык Аляксей Братачкін пазнаёміў прысутных з рознымі азначэннямі тэрміна “траўма”, які толькі нядаўна з’явіўся ў сацыялогіі, культуралогіі і іншых гуманітарных навуках, а таксама з рознымі прыкладамі ўтварэння траўматычнага наратыву.

Даследчыца Ірына Кашталян распавяла пра праблемы адаптацыі да мірнага жыцця тых, хто абставінамі вайны быў вымушаны ўзяць зброю ў рукі, тых, хто застаўся інвалідамі, а таксама тых, хто патрапіў у грамадстве ў г.зв. катэгорыю “людзей другога сорту” з-за таго, што патрапіў у палон ці на прымусовыя працы ў Германію. Апошніх гэта прымушала хаваць факты сваёй ваеннай біяграфіі, жыць, так бы мовіць, у масцы.

Падчас дыскусіі адзін з прысутных, гісторык Андрэй Кіштымаў звярнуў увагу на тое, што “вайна – гэта ўвогуле сітуацыя пагранічча жыцця і смерці – і гэта вельмі вялікая траўма для чалавека вырванага з мірнага жыцця”. На яго думку не варта забывацца пра гэты аспект у пераасэнсаванні мінулага.

Сустрэча паказала, наколькі супярэчлівай можа быць памяць, і што трэба імкнуцца сабраць як мага больш інфармацыі пра колішнія падзеі, даць права голасу ўсім іх сведкам, каб скласці максімальна поўную карціну мінулага.

Наступнае паседжанне Клуба вуснага гісторыка адбудзецца ў верасні.

 

Фотографии: