Чацвертае паседжанне Клуба вуснага гісторыка: Антрапалагічная катастрофа постчарнобыльскай Беларусі

На сустрэчы 21 красавіка, прысвечанай чарговай гадавіне Чарнобыльскай катастрофы, Аляксандр Далгоўскі, які абараніў дысертацыю па тэме «Чарнобыль у Беларусі: экалагічны крызіс і сацыяльны кампраміс (1986-1996)» распавядаў пра тое, як адрэагавала насельніцтва на інфармацыю пра катастрофу і якія захады рабіла ўлада ў надзвычайнай сітуацыі.

Даследчык, экалагічны актывіст Уладзімір Валодзін аналізаваў дзейнасць постчарнобыльскіх арганізацый. Вялікая частка яго даклада была прысвечана асобам, якія зрабілі вялікі ўнёсак у справу даследавання, рэабілітацыі і захавання памяці пра Чарнобыль. Па словах даследчыка, цяпер акрамя партыі «Зялёных», ніякія постчарнобыльскія арганізацыі, саюзы ды ініцыятывы не прысутнічаюць у публічным полі.

«Ці не будзе забыта катастрофа пасля сыходу сведкаў і ўдзельнікаў тых падзей?» – гэтае пытанне, зададзенае напачатку сустрэчы Ірынай Кашталян, стала галоўным пытаннем  усёй сустрэчы. Фармальна факт аварыі будзе прысутнічаць у падручніках, а кожны памятны год будзе выходзіць які-кольвек зборнік дакументаў ці фота. Аднак, ці будуць зробленыя высновы?