Адкрыццё выставы "Вайна вачыма дзіцяці"

18 студзеня ў Гістарычнай майстэрні адбылося адкрыццё выставы "Вайна вачыма дзіцяці", падрыхтаванай Пасольствам Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь. У аснову выставы пакладзены малюнкі дзяцей малодшага школьнага ўзросту, якія бачылі жахі вайны на ўласныя вочы, прайшлі канцлагеры і гета. Архіў новых запісаў у Варшаве захоўвае фонд дадзеных унікальных сведчанняў пад назвай «Вайна і акупацыя вачыма дзіцяці». Ён заснаваны на матэрыялах, сабраных Міністэрствам адукацыі Польшчы, якое  правяло ў 1946-м годзе конкурс, на які вучні пачатковых школ маглі намаляваць свае перажыванні ці напісаць свае ўспаміны, якія былі звязаны з Другой сусветнай вайной. Тады было даслана больш як 5000 работ, з якіх пасля і была ўпершыню зроблена падборка для дадзенай выставы.

На мерапрыемстве з прывітальным словам выступілі дырэктар Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Рау Віктар Балакіраў і першы дарадца Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Вайцэхоўскі, які звярнуліся да гісторыі польска-беларускіх стасункаў і важнасці захавання памяці пра пакуты малалетніх вязняў вайны. 

Дарадца па культуры Пасольства Рэспублікі Польшча Эльжбета Інеўска, аўтарка выставы, распавяла пра гісторыю яе стварэння. З яе слоў конкурс, на які дзеці маглі намаляваць і апісаць свае перажыванні, меў падвойную мэту:

з аднаго боку, псіхалагічнай разгрузкі, каб дзеці маглі распавесці пра свой трагічны вопыт і страхі, аб якіх у пасляваеннай рэальнасці яны рэдка маглі гаварыць дома;

а з другога боку сацыялізацыі дзяцей, якія ў паўсядзённым жыцці ваеннага часу не мелі дастаткова магчымасцяў разам павесяліцца ў двары або стаць сябрамі у класах, поўных незнаёмцаў, такім чынам яны маглі адчуць блізкасць з аднагодкамі, хто перажыў падобную асабістую трагедыю.

Рэферэнт Гістарычнай Майстэрні Кузьма Козак выступіў з дакладам пра дзяцінства падчас вайны ў Беларусі. У ім ён засяродзіўся на прыкладах цярпення дзяцей ў цяжкіх ваенных выпрабаваннях, прадстаўленні дзяцей як самых малавядомых ахвяр вайны.

Пасля выступілі сведкі часу, які былі дзецьмі падчас вайны. Сваімі ўспамінамі падзяліліся былая вязень канцэнтрацыйнага лагера Дахаў Галіна Паўлаўна Рэляйн, былая вязень гета ў Чарноўчыцах (Брэсцкі раён) Ларыса Аляксееўна Аляксандранка, былая вязень Аўшвіца Аляксандра Васілеўна Барысава, былы вязень Беластоцкага гета Міхаіл Давыдавіч Разеншэйн, якога выратавала жанчына польскай нацыянальнасці.

Закончылася вечарына выступам Людмілы Іванаўны Шчэнікавай, настаўніцы гісторыі СШ № 137 г. Мінска, якая прадставіла конкурс малюнкаў ужо сучасных школьнікаў па тэме Другой сусветнай вайны. Лепшыя прыклады іх прац былі апублікаваныя ў выданні Гістарычнай майстэрні “Малолетние заложники войны 1941-1945 гг.: живые свидетельства Беларуси”.

Пасля прысутныя былі запрошаныя пазнаёміцца з выставай, задаць пытанні экспертам і сведкам у нефармальнай атмасферы.

Выстава адкрытая для наведвальнікаў да 28.02.2019. Запрашаем наведаць!

Уваход вольны.

Даведка: Страты сярод дзяцей і моладзі Польшчы падчас Другой сусветнай вайны ў выніку знішчэння гітлераўцамі былі велізарныя:

больш, чым 2 мільёны 200 тысяч дзяцей загінула,
200 000 дзяцей было дастаўлена ў нацысцкую Нямеччыну на германізацыю,
710 тысяч непаўнагадовых былі накіраваныя на прымусовыя, цяжкія фізічныя працы,
1,5 мільёна польскіх дзяцей пасля Другой сусветнай вайны сталі сіротамі, паўсіратамі (22% усяго маладога пакалення жыхароў Польшчы),
з якіх больш за 320 000 дзяцей мела патрэбу ў неадкладнай медыцынскай дапамозе ў спецыялізаваных навучальных, лячэбных і медыцынскіх установах.

 

Фотографии: