Запрашаем наведаць выставу "Рада дапамогі габрэям Жэгота"
Інстытут нацыянальнай памяці Рэспублікі Польшча, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі інстытут у Мінску і Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна да 75 гадавіны паўстання ў Варшаўскім гета 19 красавіка адкрылі для наведвання выставу "Рада дапамогі габрэям Жэгота", прысвечаную арганізацыі, якая з 1942 па 1945 год падпольна дапамагала габрэям у Польшчы.
У 1939 г. у межах II Рэчы Паспалітай жыло каля 3,4 млн габрэяў, пераважна ў вялікіх гарадах і мястэчках, занятых у прамысловасці, гандлі і сферы паслуг. Усё тое, што ў свабодных умовах незалежнай дзяржавы гарантавала развіццё розных веравызнанняў, на практыцы спрасціла задачу Трэцяму Рэйху па знішчэнні габрэяў – выдзеліць і ізаляваць настолькі выразна сфарміраваную, з адметнай самасвядомасцю групу ў рэаліях нямецкай акупацыі было нескладана.
Перасяленне, дэпартацыя, выгнанне і канцэнтрацыйныя лагеры, увядзенне жорсткіх правіл, забарона набажэнстваў, прымусовыя працы і ізаляцыя ў гета – гэта штодзённае прыніжэнне, якое непасрэдна вяло да рэалізацыі пастаўленай акупантамі мэты – знішчэння габрэяў. З 1942 г. на захопленых немцамі савецкіх землях гітлераўцы забілі каля 1 млн чалавек. Аперацыя „Reinhardt”, якая прадугледжвала ліквідацыю жыхароў гета ў генерал-губернатарстве, а таксама ліквідацыя Варшаўскага гета сталі сінонімамі найвялікшай нечалавечай жорсткасці і генацыду. Усяго за два гады (1942–1943) было забіта каля 3 млн польскіх габрэяў.
Стаўленне палякаў да Халакосту ў перыяд Другой сусветнай вайны было розным: змены ўмоў акупацыі, усё больш складанае становішча польскіх сем’яў, узмацненне рэпрэсій з боку акупантаў у некаторых выпадках вялі да маладушша і эгаістычных, скіраваных выключна на самазахаванне, учынкаў, якія грамадства асуджала. Пры гэтым рэальны маштаб дапамогі габрэям з боку палякаў быў значна большы, чым колькаць палякаў, якія атрымалі медалі Праведнікаў народаў свету Інстытута Яд Вашэм у Іерусаліме. Па выніках даследаванняў, лічбы маглі сягаць 1 млн палякаў, якія рознымі спосабамі і на розных узроўнях імкнуліся дапамагчы габрэйскаму насельніцтву. У выратаванні аднаго чалавека часта ў рознай ступені ўдзельнічалі цэлыя сем'і і вёскі, нягледзячы на высокую ступень рызыкі, у т.л. цаной уласнага жыцця. Калі спатрэбілася сістэматызаваць дапамогу і стварыць схему адначасовых дзеянняў на розных напрамках, быў створаны Савет дапамогі габрэям „Жэгота”, у рамках якога супрацоўнічалі як палітыкі нацыянальна-каталіцкай, народнай і сацыялістычнай накіраванасці, так і габрэйскія палітыкі – ад сыяністаў да камуністаў. Галоўнымі аспектамі дзейнасці арганізацыі была падробка дакументаў (асабліва дзяцей), пошук бяспечных месцаў пражывання, перадача сем’ям грошай і падтрымка сем’яў і кляштараў, дзе хаваліся габрэі.
Сённяшняя выстава – гэта расказ пра ўсіх тых, чый нязломны дух і ўзважаныя, альтруістычныя рашэнні выратавалі ад гібелі мноства людзей, безабаронных перад гітлераўскім тэрорам.
З выставай можна будзе пазнаёміцца ў Гістарычнай майстэрні па адрасе вул. Сухая, 25 да 19 мая. Запрашаем наведаць!