Клуб вуснага гісторыка: Дзеці без дзяцінства

У мінулую пятніцу, 20 кастрычніка, напярэдадні сумнай гадавіны ліквідацыі Мінскага гета ў Клубе вуснага гісторыка размаўлялі пра дзяцей, якія перажылі Халакост.

Гэтая праблема шматгранная, таму да абмеркавання далучыліся адразу некалькі даследчыкаў: Кузьма Казак, які займаецца вывучэннем Халакосту ўжо шмат гадоў; каардынатар сёлетняй экспедыцыі «Мінскае гета» Ірына Кашталян; Ірына Махоўская, якая даўно працуе з вуснай гісторыяй ды настаўніца Ала Сідаровіч, што шукае новыя педагагічныя падыходы і метады, каб расказваць школьнікам пра Халакост.

Кузьма Казак у сваім паведамленні вылучыў 12 сцэнароў выжывання дзяцей: змена прозвішча, дапамога суседзяў ці незнаёмых людзей, уцёкі ў партызаны, шанцаванне ды інш. Больш шанцаў выжыць было ў дзяцей са знешнасцю, якую можна было прыняць за славянскую Ці калі на шляху дзяцей трапляліся жанчыны. Менавіта жанчынам у большасці выпадкаў былі абавязаныя дзеці сваім жыццём. Гэта і натуральна, бо практычна ўсе мужчыны былі ці на фронце, ці ў партызанах/лясах.

Тым не менш, у даследчыкаў, якія займаюцца вуснай гісторыяй і звяртаюцца да дзіцячых успамінаў, раней ці пазней узнікае пытанне: якім чынам ставіцца да гэтай памяці? Як дзеці бачаць, разумеюць і ўспрымаюць тыя падзеі, часта вельмі траўматычныя, што адбываюцца вакол іх.

Аказваецца, што сёе-тое, чалавек памятае ўжо з 4 год, а з 10 год можна казаць ужо пра наяўнасць цэласнай памяці пра падзеі. Траўматычныя падзеі становяцца галоўным успамінам, які, тым не менш, перажывае трансфармацыю праз неабходнасць выбудовы адзінай лініі жыцця.

Хіба першы раз за ўвесь час існавання Клуба, яго арганізатары выйшлі па-за рамкі навуковага дыскурсу і абмеркавалі адукацыю. Якім чынам расказваць дзецям пра Халакост? Ала Сідаровіч бачыць ці не галоўнай мэтай мінімалізаваць траўмаванне сучасных дзяцей расказам пра Халакост. У сваёй адукацыйнай практыцы яна прапаноўвае дзецям глядзець на жыццё Мінскага гета вачыма гараджанаў з-за дроту. Такім чынам, можна дэталёва даследаваць, але пры гэтым пазбегнуць небяспечнага для псіхікі паглыблення.

Варта нагадаць, што сёлета Гістарычная майстэрня і Беларускі архіў вуснай гісторыі правялі экспедыцыю, у якой сабралі ўспаміны людзей, якія выжылі ў Мінскім гета.

Матэрыялы экспедыцыі даступныя на сайце БАВГ, у хуткім часе ў архіве Майстэрні.

Усе паседжанні Клуба вуснага гісторыка можна паглядзець на нашым канале youtube      

 

Фотографии: