VII анлайн-форум «Гарадок: памяць і месцы памяці»

Чарговы VII анлайн-форум «Гарадок: памяць і месцы памяці» адбыўся 22 чэрвеня ў Дзень жалобы і смутку. Гістарычная майстэрня ў межах праекта “Рэгіянальная дыялогавая пляцоўка трох пакаленняў і сацыяльна-псіхалагічная рэабілітацыя ваенных падзей”  разам з грамадскай  суполкай «Сябры Гарадка», партнёрамі Беларусі, Германіі і Расіі сабралі на мерапрыемстве больш за 40 удзельнікаў.

Напачатку прагучалі словы, напоўненыя духоўным светам, ад святара Уладзіміра з Гарадка і равіна Рыгора Абрамовіча з Мінску ў памяць ахвяр былога мястэчка Гарадок, Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці,  - больш за 900 яўрэяў, беларусаў, палякаў, рускіх, украінцаў, а таксама савецкіх салдат і партызан, якія былі забітыя ў гэтых мясцінах.

Былыя вязні Міхаіл Разеншэйн і Рыма Гальперына (даслала відэа) разам з Ганнай Кантар (Екацярынбург, Расія) з болем распавялі пра трагічныя лёсы сваіх сем’яў у гета гарадоў Беласток (Польшча), Даманёўка і Здалбунаў (Украіна), Дзісна (Міёрскі раён Віцебскай вобласці, Беларусь).

Жыхары і моладзь Гарадка праз агучванне ўспамінаў пра даваеннае мінулае намалявалі вобраз добрасуседства яўрэяў і  беларусаў, палякаў і рускіх. Насця і Таццяна Монід з Маладзечна праз прызму сямейнага даследавання расказалі аб Праведніках народаў свету, якія ратавалі мясцовых яўрэяў. Навучэнцы Гарадка і Мінска (гімназія № 3) праз мінулае і сучаснасць паказалі розныя бакі яўрэйскай культуры і агучылі патрэбу ў яе асцярожным захаванні.

Такімі ж сяброўскімі былі галасы іншых выступоўцаў з Краснага, Лебедзева, Маладзечна, Мінска, а таксама з шэрагу мясцін Германіі (Вольга Рэнш, Беатрыс Пэтцальд, гісторык Аляксандра Чаркаскі).

Прысутныя абмеркавалі планы па:

  • стварэнні ў Цэнтры культуры і быта Гарадка экспазіцыі пра гісторыю і культуру яўрэяў;
  • падрыхтоўцы і выданню зборніка па гісторыі Гарадка, Халакоста і мясцовай культуры памяці пра яго да 22 чэрвеня 2021 г.;
  • інтэрактыўнай анлайн візуалізацыі захаваных сінагог, ешывы, яўрэйскіх могілак і іншых месцаў памяці, інфармацыйнаму забеспячэнню турыстычных маршрутаў да Гарадка.

Важна ўжо цяпер запомніць, што 22 чэрвеня 2021 г. неабыякавыя да захавання памяці пра гісторыю Гарадка могуць прысутнічаць на наступным VIII форуме. Ён сімвалічна прыпадзе на 80-годдзе пачатку савецка-нямецкай вайны.

Ахвочыя могуць азнаёміцца з запісам форуму:

 

 

А таксама ўспамінамі Рымы Гальперынай, запісанымі спецыяльна для мерапрыемства:

 

У дадатку таксама праграма форума і тэкст выступа Уладзіміра Казлова, прадстаўніка ініцыятыўнай групы "Зберажэм Масюкоўшчыну".

                                                                                                            Кузьма Козак,
памочнік каардынатара праекта
«Рэгіянальная дыялогавая пляцоўка трох пакаленняў
і сацыяльна- псіхалагічная рэабілітацыя сведак ваенных падзей"
 

 

Фотографии: